Літаратура.org » Чытальня » Ян Максімюк, Ян Максімюк пра пяць крутых дэтэктываў

Ян Максімюк пра пяць крутых дэтэктываў

Ян Максімюк

 

Люблю чытаць дэтэктывы. Пастанавіўшы парэкамэндаваць пяць крутасюжэтных кніжак, якія трапілі ў мае рукі цягам апошніх гадоў, я задумаўся над прычынамі гэткай вычварэнскай чытацкай любові. За мінулыя выходныя мне ўдалося больш-менш уцямна ідэнтыфікаваць тры такія прычыны.


Па-першае, дэтэктывы дазваляюць даволі шчыльна запоўніць «пусты час», не пакідаючы пасьля чытаньня нейкіх доўгатрывалых пабочных наступстваў накшталт пахмельля, якое зьяўляецца пасьля шчыльнай выпіўкі. На другі або трэці дзень пасьля запойнага чытаньня дэтэктыўнай гісторыі я ўжо амаль дакладна забываю, каго забілі і хто насамрэч аказаўся забойцам, ня кажучы пра тых, каго ў забойстве падазравалі. Якая палёгка для журналісцкай памяці, празь якую штотыдзень пралятаюць як мінімум некалькі дэтэктыўных пэрсанажаў і сытуацый!

Па-другое, чытаньне дэтэктыва на замежнай мове — супэрская нагода ўдасканаліць веданьне гэтай мовы, прынамсі пасіўнае. Паспрабуйце, напрыклад, палепшыць сваё веданьне францускай мовы чытаньнем «У пошуках страчанага часу» або «Падарожжа на ўскрай ночы»... У Пруста вы можаце заснуць, не адолеўшы траціны нейкай фразы, нават калі вам і ўдасца ўхапіць яе пачатковы сэнс, прыкрыты густашчыльнай сеткай прыметнікаў і прыслоўяў. У Сэліна наадварот — фразы кароткія, але паміж імі няма звычайнай лягічнай сувязі, да якой мы прывыклі ў нашым рутынным жыцьці, і мы стамляемся ўжо на траціне першай старонкі. А ў Жана-Крыстофа Гранжэ значна прасьцей — ня трэба вылузваць сэнсу, бо ён на паверхні. Разумовы патэнцыял, які ад вас патрабуецца пры чытаньні гэтага аўтара, ніколі не перавышае натугі, якую трэба зрабіць дзеля таго, каб дазнацца, што clé à molette азначае «развадны ключ з зубчастай рэйкай» (разнавіднасьць «францускага ключа»), або высілку, зьвязанага з завучэньнем на памяць тузіна францускіх ідыёмаў са словам coup.

Па-трэцяе... Пра трэцюю прычыну, дзеля якой варта чытаць дэтэктывы, я хачу распавесьці ў пяці занатоўках.

 

ЗАНАТОЎКА ПЕРШАЯ


Стыг Лярсан, «Мужчыны, якія ненавідзяць жанчын» (Stieg Larsson, «Män som hatar kvinnor”, 2005), Швэцыя.

​​Стыг Лярсан стаў сусьветна вядомым аўтарам пасьля сваёй сьмерці. Ён памёр у 2004-м, калі яму было 50 гадоў. У 2005 выйшаў раман «Мужчыны, якія ненавідзяць жанчын» — першая з трох частак гэтак званай раманнай сэрыі «Millenium». І сьвет літаральна захліснуўся гэтай кніжкай. Кажуць, колькасьць прададзеных асобнікаў гэтага рамана даўно пераваліла за 60 мільёнаў! У чым справа?

Гісторыя, якая распавядаецца ў першай частцы дэтэктыўнай трылёгіі Лярсана, даволі займальная, але ж існуе процьма дэтэктываў са значна круцейшымі сюжэтамі і героямі, якія чамусьці такой сусьветнай папулярнасьці не займелі. Сакрэт папулярнасьці Лярсана, відавочна, палягае ня толькі ў сюжэце, а ў нечым яшчэ іншым. Як мне здаецца, у сувязі з гэтым дэтэктывам варта зьвярнуць увагу прынамсі на два істотныя моманты.

Першы момант. Сюжэт рамана пабудаваны паводле клясычнага прынцыпу, які раней скарыстоўваўся ў дзясятках ці нават сотнях іншых пасьпяховых і вядомых кніжак, у тым ліку ў такіх сусьветна прызнаных шэдэўрах, як «Дэвід Купэрфілд» Чарлза Дыкенса або «Джэйн Эйр» Джордж Эліёт. Гэты прынцып мае народную назву «з гразі ў князі». Кніжка Лярсана пачынаецца, калі яе галоўны герой, зорка незалежнай дасьледніцкай журналістыкі Мікаэль Блюмквіст, прайграе суд па абвінавачаньні ў паклёпе супраць бізнэсовага магната Вэнэрстрома. Мікаэль траціць амаль усе свае ашчаднасьці (ён абавязаны судом выплаціць вялізную кампэнсацыю пазоўніку), апынаецца на кароткі час у вязьніцы, ягоная рэпутацыя падмочаная перад усёй краінай і яму яшчэ даводзіцца пакінуць часопіс «Millenium», які ён заснаваў, бо выданьне пасьля ягонага працэсу пачало хутка страчваць рэклямадаўцаў. Мікаэль моцна плюхнуўся ў гразь, і ўвесь далейшы ход падзей — гэта значыць, сьледзтва Мікаэля ў справе таямнічага зьнікненьня пляменьніцы багатага бізнэсоўца Вангера, якая прапала больш за 30 гадоў раней — зьяўляецца па сутнасьці ўздымам (паходам «з гразі ў князі»), які дазваляе Мікаэлю аднавіць веру ў сябе, забыць пра публічнае прыніжэньне ды атрымаць патрэбныя сродкі і інфармацыю, каб адпомсьціць Вэнэрстрому за прайграную справу, у якой журналіста звычайна падставілі.

Другі момант. Ніхто не спачувае багатым, ні ў раманах, ні ў сапраўдным жыцьці. А таму дэтэктыўныя пошукі Мікаэля, якія прыводзяць да адкрыцьця цёмных і жахлівых старонак гісторыі багатага роду швэдзкіх бізнэсоўцаў Вангераў, апэлююць, так бы мовіць, да гэтай архетыпнай чытацкай нелюбові і даюць чытачам нагоду яшчэ раз упэўніцца, што так яно і ёсьць – зло ў гэтым сьвеце паходзіць ад багацьця і багатых.

І яшчэ трэці момант у гэтым дэтэктыве – надзвычай нетыповая і таямнічая гераіня, Лісбэт Саляндэр, крутая хакерка і асоба абсалютна антысацыяльных паводзін, якая дапамагае Мікаэлю ў ягоных пошуках ды ў кульмінацыйнай сцэне ратуе яго ад сьмерці. Гэта сапраўды нешта, што выходзіць па-за парамэтры гэтай даволі тыповай гісторыі «з гразі ў князі», напісанай даволі бясколернай мовай. У швэдзкай кінаадаптацыі раманаў Лярсана якраз роля Лісбэт Саляндэр, а не Мікаэля Блюмквіста, надала гэтай кінэматаграфічнай трылёгіі – «Мужчыны, якія ненавідзяць жанчын», «Дзяўчына, якая гуляла з агнём», «Замак зь пяску, які абрынуўся» – патрэбную «вязкасьць» і драматычнасьць. Роля Лісбэт, геніяльна выкананая Нумі Рапас, прынесла гэтай швэдзкай акторцы статус сусьветнай зоркі.

Варта, мабыць, згадаць і пра чацьверты момант, характэрны для рамана Лярсана – лібэралізм сэксуальнага жыцьця герояў. Мікаэль час ад часу сьпіць з галоўнай рэдактаркай часопісу «Millenium» Эрыкай (за ціхім дазволам ейнага мужа), потым уваходзіць у кароткую сэксуальную сувязь зь перастарэлай прадстаўніцай роду Вангераў, Сэсыліяй. Урэшце, ён дазваляе спакусіць сябе Лісбэт, якая ў сэксе бачыць хутчэй фізіялягічную патрэбу ці нейкі жывёльны інстынкт, чым нешта болей рамантычнае. Чаго тыя кабеты такія падкія на Мікаэля? – гэтай загадкі аўтар ніяк не раскрывае...

Тым ня менш – вось інтымная сцэна Лісбэт зь Мікаэлем. У амаль кожным сучасным дэтэктыўным рамане – гэта абавязковая рэч.

«Мікаэль зусім разгубіўся. Празь некалькі сэкундаў ён схапіў Лісбэт за рукі і адсунуў дзяўчыну ад сябе, каб паглядзець ёй у вочы.

– Лісбэт... Ня ведаю, ці гэта добрая ідэя. Нам жа трэба разам працаваць.

– Я хачу памаркітавацца з табою. Калі рэч у тым, каб разам працаваць, дык у мяне ня будзе ніякіх праблемаў. Затое зьявіцца халерная праблема, калі ты зараз выставіш мяне адсюль.

– Ды мы амаль ня ведаем адно аднаго.

Яе кароткі, пісклівы сьмяшок прагучаў амаль як кашаль.

– Калі я рабіла досьлед на тваю тэму, я бачыла, што якраз гэта табе раней не замінала. Наадварот, выглядала на тое, што ты ня ўмееш трымаць сваіх рук здалёк ад жанчын. У чым фішка? Я табе не дастаткова сэксоўная?

Мікаэль пакруціў галавою, спрабуючы знайсьці нейкую разумную адгаворку. Але паколькі ён не адказваў, яна сьцягнула зь яго прасьціну і села на яго верхам.

– У мяне няма прэзэрватываў, – не здаваўся Мікаэль.

– А мне начхаць».


Даволі слабая літаратура, праўда? Але ў дэтэктывах такія сцэны, на шчасьце, ня самыя істотныя...

 

ЗАНАТОЎКА ДРУГАЯ


Жан-Крыстоф Гранжэ, «Прысяга ў бездані» (Jean-Christophe Grangé, «Le Serment des Limbes», 2007), Францыя.

Ажно сорамна прызнацца — я прачытаў шэсьць першых раманаў гэтага аўтара, а цяпер якраз чытаю «Le Passager», апошні па ліку, дзявяты, які зьявіўся ў 2011 годзе. Пакуль не кранутымі стаяць на маёй паліцы ягоныя сёмы і восьмы раманы, «Misèrere» (2008) і «La Forêt des Mânes» (2009). Бываюць такія дні, калі нічога лепшага нельга зрабіць, як толькі абкласьціся францускімі слоўнікамі і пачытаць гэтую несусьветную хрэнавень, ад якой чамусьці так цяжка адарвацца.

​​Пра Жана-Крыстофа Гранжэ я ўпершыню пачуў некалькі гадоў таму, калі паглядзеў францускі фільм «Пурпурныя рэкі» (2000), які быў адаптацыяй ягонага другога рамана пад такім загалоўкам. Фільм быў супэрскім «срылерам», меў настолькі змрочную атмасфэру, што боязна было глядзець, ды настолькі складаны і заблытаны сюжэт, што, як казалі, нават выканаўца галоўнай ролі, славуты Жан Рэно, неяк прызнаўся, што ня ведае, чым насамрэч гэтая крымінальня гісторыя закончылася:)

Гранжэ ўмее прыдумляць неверагодныя сюжэтныя сытуацыі. Прыкладам, у ягоным першым рамане, «Лёт буслоў» (1998), уся крывавая гісторыя круціца вакол кантрабанды дыямэнтаў з Афрыкі ў Эўропу, наладжанай групай абсалютных мярзотнікаў пры дапамозе буслоў, якія штогод курсуюць паміж афрыканскім трапічным поясам і Эўропай. А ў «Імпэрыі ваўкоў» рухавіком для сюжэту зьяўляецца зьмена ідэнтычнасьці: адной тэрарыстцы з фундамэнтальна-радыкальнай турэцкай групоўкі шалёны францускі навуковец, пры дапамозе фінансаванай дзяржавай тайнай дасьледчай праграмы, стварыў новую ідэнтычнасьць. Ёй ня толькі далі новыя рысы твару пры дапамозе складанай плястычнай хірургіі, але і новую псыхічную тоеснасьць, «загрузіўшы» ў адмыслова «прапаласканыя» мазгі фікцыйную інфармацыю і фікцыйныя ўспаміны.

У «Прысязе ў бездані» неймавернасьць сюжэту б’е ўсе рэкорды. Тут галоўным супернікам крымінальнага сьледчага Мат’е з Парыжу зьяўляецца ня хто іншы, як сам Д’ябал. Асноўнай тэмай гэтай дэтэктыўнай гісторыі зьяўляюцца так званыя калясьмяротныя перажываньні (expériences de mort imminente), якія нібыта прыдараюцца асобам у глыбокай коме або падчас клінічнай сьмерці. То бок, у такім падвешаным стане чалавек нібыта можа убачыць мэтафізычны парог, які аддзяляе жыцьцё ад сьмерці, і сустрэць на гэтым парозе ці то Бога, ці то Сатану. Вось у рамане Гранжэ вядзецца перш за ўсё пра «адмоўнае калясьмяротнае перажываньне», калі чалавек у коме або ў стане клінічнай сьмерці сустракаецца з Сатаною і вяртаецца да зямнога жыцьця пасьля складаньня ў бездані жахлівай прысягі на вернасьць Уладару цемры.

У Мат’е ёсьць сябар у крымінальнай паліцыі, Люк, зь якім яны ў юнацтве разам вучыліся ў духоўнай сэмінарыі і марылі стаць слугамі Божымі, але ў канчатковым выніку трапілі ў паліцыю, каб змагацца са злом, якое творыцца на гарадзкіх вуліцах і ў гарадзкіх прытонах. Кніжка пачынаецца тым, як Люка знаходзяць у стане клінічнай сьмерці пасьля таго, як ён паспрабаваў утапіцца... Што было далей — можна збольшага здагадацца на падставе таго, што я сказаў вышэй. Люк насамрэч аказваецца паклоньнікам Д’ябла, і гэта ён сам падстроіў сваё самагубства, каб спаткацца з Уладаром цемры там у бездані і даць яму сваю прысягу... Сюжэту «Прысягі ў бездані» немагчыма пераказаць і прыблізна, таму што ён яшчэ больш заблытаны, чым той у згаданых «Пурпурных рэках». Але кніжку чытаецца запоем — зразумела, калі вы ведаеце францускую мову настолькі добра, каб не заглядваць у слоўнікі. Мне трэба было заглядваць, а таму ў мяне быў, калі можна так сказаць, запой зь гікаўкай...

А вось і крыху сэксу ў сатанісцкім антуражы. Мат’е аддаецца любоўным уцехам з Манон, якую сакрэтны ватыканскі дэпартамэнт у пытаньнях барацьбы з Сатаною падазравае ў тым, што яна таксама склала прысягу Ўладару цемры:

«Нас усё яшчэ скоўвае наша адзеньне — мы блытаемся ў рукавах, гузіках. Але неўзабаве на ёй застаюцца толькі трохкутнік трусікаў і два авалы станіка — белыя геамэтрычныя фігуры, яскравыя, няўмольныя. Фігуры, якія раняць мяне і вабяць, вярэдзяць і прыцягваюць. Маё цела гатовае ўзарвацца: пырснуць струменем крыві і шкумацьцём мышцаў.

Я
 падаю на сьпіну. Нада мной адкрываюцца яе грудзі, цяжкія, пяшчотныя, захапляльныя. Выпушчаныя на папас зямнога прыцягненьня, яны выпраменьваюць свой уласны жар. Іхнае трымценьне аддае рэхам у глыбіні маёй істоты. Я прыўзьнімаюся. Яна зноў мяне абнімае, прыхінаючыся да мяне. Я канчаткова трачу кантроль над сабой. Усё іншае ня мае значэньня, акрамя нас дваіх, якія чапляюцца адно аднаго, перапалоханыя, атупелыя ад прыліву пажады.

Яна трэцца аб
 мяне, кіруе мною, маніпулюе мною, як быццам зьдзіраючы зь мяне іншыя апраткі, напластаваныя за столькі гадоў: пастановы, якімі я выкоўваў свой характар; падманы, якімі я сябе суцяшаў. Гэтая хвіліна настолькі насычаная, што ў ёй зьмяшчаюцца ўсе часьцінкі часу зь мінулых і будучых гадоў майго жыцьця.

Я
 адчуваю слабасьць і стому, гледзячы на гэты адзіны аб’ект прыцягненьня — набрынялыя грудзі, такія белыя, такія свабодныя, зь цёмнымі арэоламі, дрыготкімі, якія кранаюцца майго твару. Адчуваючы адначасова жар і холад, я падымаю руку, стараюся дакрануцца да іх.

Але гэта ня
 час на пяшчоты. Манон, акірэчыўшы маё падбрушша, засоўвае рукі мне пад патыліцу. Я не імкнуся разумець, што адбываецца. Гэта самы інтэнсіўны момант майго жыцьця. Яна абхоплівае маю шыю, нахіляецца нада мною і пачынае дзівосны і настойлівы рух сваімі бёдрамі.

Яна шукае свайго задавальненьня, прыбліжае яго, траціць, зноў дасягае. Высілак каханьня, адначасова брутальны і
 далікатны, дакладны і прымітыўны, зь якога я выключаны. Я прыстасоўваюся да яе бортавай гайданкі і адчуваю, як ува мне ўзьнімаецца такое самае памкненьне, такая самая апантанасьць...»

І так далей... Гэтая сцэна адбываецца пад вокам ватыканскага кардынала і ягоных экспэртаў у змаганьні зь сіламі цемры. Яны назіраюць за Мат’е і Манон праз сакрэтныя візіры ў суседнім пакоі і здымаюць схаванай відэакамэрай гэты высілак каханьня. Дакумэнтуюць, так бы мовіць, д’ябальскія фокусы...

 

ЗАНАТОЎКА ТРЭЦЯЯ


​​Юсі Адлер-Ольсан, «Жанчына ў клетцы» (Jussi Adler-Olsen, «Kvinden i buret», 2007), Данія.

 

На караблі з Капэнгагену ў Гамбург зьнікае дэпутатка данскага парлямэнту Мэрэта Лінгард, даволі вядомы ў краіне палітык і прыгожая жанчына. Зьнікае як камень у ваду. Ейны брат Уфэ, які быў зь ёю ў той паездцы, нічога ня можа высьветліць, таму што ён пакутуе ад аўтызму і наогул не гаворыць. Сьледзтва заходзіць у тупік, і ўсю гэтую справу паліцыя здае ў архіў.

 

Але празь некалькі гадоў парлямэнт прымае закон аб фінансавай падтрымцы крымінальнага вышуку, і капэнгагенская паліцыя стварае гэтак званы «Аддзел Q» для расьследаваньня нявысьветленых зьнікненьняў і забойстваў, каб празь яго «асвоіць» дадатковыя бюджэтныя сродкі. На начальніка аддзелу прызначаюць сьледчага Карла Мёрка, прыблізна пяцідзесяцігадовага афіцэра, які якраз знаходзіцца ў стане жыцьцёвай кататаніі — яго пакінула жонка, ён ня мае ніякага эмацыйнага кантакту з сынам-студэнтам і ў дадатак адчувае сябе вінаватым за раненьне свайго калегі, у выніку якога калегу паралізавала. Ніхто ў паліцыі не ўскладае сур’ёзнай надзеі на сьледчыя посьпехі Аддзелу Q, наогул задуманага толькі як канал, празь які ў паліцыю прыйдуць дадатковыя мільёны кронаў. Мёрку даюць у памочнікі неймавернага тыпа — Асада, мусульманіна-эмігранта аднекуль з Блізкага Ўсходу, які і гаварыць па-дацку толкам не навучыўся. І вось гэтая неверагодная пара сьледчых пачынае гартаць запыленую тэчку са справай Мэрэты Лінгард. Вядома ж — напрыканцы рамана Карл і Асад знаходзяць і Мэрэту, цудам жывую, і яе перасьледнікаў.

 

Разьдзелы са сьледзтвам, якое вядуць Карл з Асадам, перамяжоўваюцца разьдзеламі, у якіх паказаны перажываньні няшчаснай дэпутаткі данскага парлямэнту, якую хтосьці памясьціў у гермэтычны цыліндрычны пакой з мэталёвымі сьценамі і штогод павышае ціск у памяшкані на адну атмасфэру. Калі пасьля чатырох гадоў ціск дасягае пяці атмасфэраў, Мэрэце (і чытачам) адкрываецца, што невядомыя і злавесныя перасьледнікі намерваюцца раптоўна панізіць ціск да адной атмасфэры і забіць жанчыну такім пачварным чынам — праз разрыў венаў, у якіх ціск крыві жанчыны, зразумела, цягам чатырох астатніх гадоў таксама павысіўся да пяці атмасфэраў. Чаму і навошта гэтае катаваньне?

 

Вось на гэтыя пытаньні і адказваюць Карл з Асадам — расчараваны жыцьцём Дон Кіхот ды ягоны жыцьцярадасны і па-народнаму хітрамудры Санча Панса.

 

Гэта файны псыхалягічны раман, і ён цікавы ня толькі з увагі на свой незвычайны дэтэктыўны сюжэт. Пасьля «Жанчыны ў клетцы» Адлер-Ольсан напісаў яшчэ чатыры раманы пра Аддзел Q (пяты мае выйсьці напрыканцы гэтага году), спакваля стаючыся аўтарам эўрапейскага фармату, як раней Стыг Лярсан са Швэцыі або цяпер Ю Нэсбё з Нарвэгіі.

 

Сэксу ў рамане Адлера-Ольсэна няма, як і сцэнаў жорсткага гвалту. Але ад гэтага раман нічога не губляе. Недзе па-за кадрам з маладымі каханкамі маркітуецца жонка Мёрка, але сам Мёрк усяго толькі марыць пра сэксуальную сувязь з павабнай паліцыянткай-псыхолягам , якая праводзіць зь ім прафэсійныя размовы, каб дапамагчы яму пераадолець жыцьцёвую апатыю і пачуцьцё віны за калецтва калегі.

 

«Ён набраўся сьмеласьці. Або пан, або прапаў.


— Ці вас наогул цікавяць мужчыны?


Яго страпянула ад таго, як нязграбна гэта прагучала, але было ўжо запозна, каб узяць свае словы назад.- Прабачце, — ён пакруціў галавою, марудна ўзважваючы, што яму сказаць далей. — Я толькі хацеў запытацца, як бы вы ўспрынялі запрашэньне на вячэру нейкага дня?


Яе ўсьмешка зьвяла. Зьнікла бель зубоў, скура на твары напружылася.


— Я думаю, вам трэба зноў цьвёрда стаць на ногі, перш чым кідацца ў такую атаку, Карл. І вам варта было б выбіраць свае ахвяры з большай абачлівасьцю.


Ён адчуваў расчараваньне ва ўсёй сваёй гарманальнай сыстэме, калі яна павярнулася да яго задам і адчыніла дзьверы на калідор.


— Калі вы ня лічыце сябе добрым выбарам, — уздыхнуў ён, — дык вы ня ведаеце, якое фантастычнае ўражаньне вы робіце на прадстаўніках супрацьлеглага полу.


Яна адвярнулася і выставіла сваю руку, паказваючы яму пярсьцёнак на пальцы.


— О не, я гэта добра ведаю, — сказала яна, пакідаючы поле бою.


Ён працягваў стаяць, згорбіўшы плечы. У сваіх вачах ён быў адным з найлепшых дэтэктываў ва ўсім Данскім каралеўстве, і цяпер яму была цяжка ачомацца, чаму ён не заўважыў нечага так элемэнтарнага».


Калі табе пяцьдзесят, дык лепш ужо ваяваць у старых, абжытых траншэях…

 

ЗАНАТОЎКА ЧАЦВЕРТАЯ


Ю Нэсбё, «Панцырнае сэрца» (Jo Nesbø, «Panserhjerte», 2009), Нарвэгія.



Нарвэскага аўтара дэтэктываў Ю Нэсбё рэклямуюць у кніжным бізнэсе як «новага Стыга Лярсана». Гэта не зусім правільнае параўнаньне. У Нэсбё няма крытыкі «ўстояў капіталістычнага ладу», якая часта выходзіць на пярэдні плян у трылёгіі Лярсана. Галоўнага героя Нэсбё, дэтэктыва Гары Голе з крымінальнана вышуку ў Осла, болей цікавяць ягоныя ўласныя дэманы, чым неадэкватнасьць грамадзкага жыцьця. Гары Голе свой Weltschmerz лечыць наркотыкамі і азартам у Ганконгу ды высочваньнем сэрыйных забойцаў у Осла. І яшчэ крыху сэксам. Але пра сэкс напрыканцы.

​​«Панцырнае сэрца» — восьмая па ліку кніжка Ю Несбё з Гары Голе. Крымінальная загадка сканструяваная ў кніжцы настолькі хітра, што нават мая жонка, якая наогул ужо каля 50-тай старонкі дэтэктыва здагадваецца, хто акажацца забойцам, тут была вымушаная прызнацца, што дапетрыла гэта толькі недзе на 400-тай (кніжка ў арыгінале налічвае 640 старонак, а ў польскім перакладзе, які чытала жонка — 530). Я мушу прызнацца, што нават прачытаўшы кніжку да канца, так і ня ўпэўнены, хто каго забіў і навошта... І ці забойцаў не было насамрэч двух... Настолькі ўжо заблытаная ўся гэтая гісторыя, і столькі фальшывых слядоў ды пабочных сюжэтаў Нэсбё панапрыдумляў. Гэтая кніжка — рай для тых чытачоў, у якіх яшчэ не патух энтузіязм сачыць за сюжэтам кніжкі ды памяць якіх яшчэ ў змозе перахоўваць імёны літаратурных герояў і нягоднікаў. Асабіста мне такія рэчы, брутальна кажучы, ужо да лямпачкі. Як і аднаго майго рэдакцыйнага калегу, мяне ў кніжцы насамрэч цікавіць яе «стыль і афарыстычнасьць», а ня тое, хто куды паехаў і навошта.

У кніжцы некаторых забіваюць вельмі страшным спосабам. Ахвяры запіхваюць у рот адмысловы шар з схаваным калючкамі, якія прыводзяцца ў рух пры дапамозе ніткі, што павісае навонкі рота. Ахвяра, ня могучы стрываць націску шару на паднябеньне і язык, у пэўны момант сама пацягвае за нітку, а тады спружыны ў шары выпіхваюць пятнаццаць сталёвых калючак. Ахвяра памірае не ад калючак, а захлынаецца крывёю, якая сьцякае з праколаў у горла і далей у лёгкія. Ну ўжо тыя скандынаўскія пісьменьнікі... То кляўстрафобія ў гермэтычным цыліндры цягам пяці гадоў, то яшчэ іншае жахоцьце...

Вось і Гары Голе запіхнулі ў рот такі шар з калючкамі, але ён не пацягнуў за нітку, а знайшоў нейкі цьвік у сьцяне, якім зачапіў за шар і вырваў яго з свайго рота, разрываючы пры тым як мінімум дзьве траціны сваёй шчакі. А потым узяў нейкі буйнакалібэрны і цэлкі карабін ды застрэліў найважнейшага нягодніка напрыканцы рамана, каб уратаваць паліцыянтку Каю, зь якою наш дэтэктыў пераспаў, а яна аказалася звычайнай сучкай, бо дзеля кар’еры давала іншаму і шпіёніла Гары, падстаўляючы яго пры кожнай зручнай нагодзе і пераказваючы сакрэты ягонага сьледзтва свайму начальніку...

Але ў Гары не было ілюзій ні наконт жыцьця, ні наконт жанчын і сучак, а таму ён уратаваў Каю ў рамане, і то два разы. І спаў зь ёю, ну бо што яшчэ можна рабіць з такою:

«— Баісься? — спытаўся.

 Не, — выдыхнула яна і моцна ўхапіла напружаны член, падымаючы бёдры, каб пакіраваць ім, але ён адсунуў ейную руку і накіраваўся сам.

Усё адбылося бязгучна, ён пачуў толькі лёгкі ўздых, калі ў яе ўваходзіў. Ён заплюшчыў вочы, зьнерухомеў і ўсяго дасьледаваў. Потым пачаў асьцярожна рухацца. Адплюшчыў вочы, ухапіў яе позірк. Выглядала, як быццам яна хацела расплакацца.

 Пацалуй мяне, — прашаптала.

Яна спляла свой язык зь ягоным, гладкі пад сподам, шорсткі зьверху. Хутчэй і глыбей, павальней і глыбей. Яна сьпіхнула яго на бок і, не адрываючы свайго языка ад ягонага, села на ім верхам. За кожным разам, калі апускалася на яго, яе клітар даціскаўся да мышцаў ягонага жывата. Урэшце яна адхіліла сваю галаву ўзад і хрыпата застагнала. Два разы, глыбокім зьвярыным голасам, які ўзняўся, узяў высокі тон, калі ёй не х’апіла паветра, потым абціх. Яе шыя набрыняла ад крыку, які ня выйшаў навонкі. Гары падняў руку і двума пальцамі крануўся артэрыі, якая блакітнай смугою пульсавала пад скурай.

А потым яна пачала крычаць, як быццам ад болю або ад лютасьці, або ад разьняволенасьці. Гары адчуў напружанасьць у падбрушшы і таксама кончыў.»


А Ю Нэсбё тут ня скончыў. Летась выйшаў дзявяты па ліку раман пра дэпрэсіўнага нарвэскага дэтэктыва Гары Голе, які мае загаловак «Gjenferd» («Прывіды»). Мая жонка прачытала польскі пераклад і сказала, што ў гэтым рамане Гары Голе нарэшце прыстрэлілі. Насьмерць? Нібыта так, яго ўжо нават нейкая пацучыха пакаштавала. Ну дык вось... R. I. P.


ЗАНАТОЎКА ПЯТАЯ


​Нэле Нойгаўс, «Беласьнежка мусіць памерці» (Nele Neuhaus, «Schneewittchen muss sterben», 2010), Нямеччына.


Калі аўтар дэтэктываў натрапіць на ўдалага героя-сьледчага, які нечым асаблівым зачэпіць чытачоў, дык наогул эксплюатуе яго ў сэрыйных выданьнях, ажно пакуль самому пісьменьніку ня стане нецікава. Узгадайце місіз Марплз і Эркюля Пуаро ў Агаты Хрысьці або камісара Мэгрэ ў Жоржа Сімэнона. Вось і Нэле Нойгаўз, аўтарка крутых дэтэктываў, якія пакуль вядомыя толькі ў Нямеччыне, ідзе гэтым самым сьледам.

 

У Нэле Нойгаўс выступае пара дэтэктываў з крымінальнага вышуку ў маляўнічым гарыстым закутку Нямеччыны, што завецца Таўнусам — Пія Кірхгаф і Олівэр фон Бодэнштайн. «Беласьнежка мусіць памерці» — чацьверты па ліку раман, у якім гэтая пара разьвязвае крымінальную загадку. Летась выйшаў ужо наступны, пяты.

 

Завязка «Беласьнежкі» такая: У невялікую мясьціну ў Таўнусе ў бацькоўскі дом вяртаецца Тобіяс, якому няма яшчэ і трыццаці, але які ўжо пасьпеў адседзець 10 гадоў за падвойнае забойства. Якраз пасьля заканчэньня школы ён забіў дзьве свае школьныя сяброўкі, зь якімі крыху маркітаваўся. То бок, усе так думаюць, што забіў Тобіяс, але целаў дзяўчат не знайшлі, а сам Тобіяс падчас суду спаслаўся на прагал у памяці якраз у той час, калі тыя забойствы мелі месца.



Тобіяса прызналі забойцам на падставе гэтак званых ускосных улікаў. Якраз калі Тобіяс выходзіць з турмы, на тэрыторыі былой амэрыканскай вайсковай базы знаходзяць парэшткі дзявочага цела. А неўзабаве ў недалёкім мястэчку нехта спрабуе забіць маці Тобіяса, якая пасьля прысуду сыну пакінула мужа і пераехала жыць у іншае месца. Зразумела, тут у дзеяньне ўступаюць Кірхгаф і фон Бодэнштайн. А сюжэт закручваецца яшчэ мацней, калі ў вёсцы Тобіяса знаходзяць мёртвую дзяўчыну, і зноў усе ўлікі паказваюць на няшчаснага экс-турэмніка як на злачынцу. Пачынаецца цкаваньне і паляваньне на меркаванага рэцыдывіста. Але Пія і Олівэр маюць сумненьні…

 

Раман «Беласьнежка мусіць памерці» налічвае больш за 500 старонак, і тут, акрамя разьвіцьця галоўнай сюжэтнай лініі і сьледзтва, аўтарка адводзіць кучу месца на паказ «звычайнага жыцьця» ў Таўнусе. Чытаючы раман Нойгаўс, можна дазнацца, як выглядае тыповы вечар у нямецкай вясковай карчме ў Таўнусе і паслухаць мясцовага смакавітага дыялекту, або можна пабываць на адзначэньні дня народзінаў нямецкай арыстакраткі… Сёньняшні добры дэтэктыў — якраз у мінулыя выходныя прыйшла мне ў галаву такая крамольная думка — гэта сучасны адпаведнік папулярных сацыяльных раманаў ХІХ стагодзьдзя, Чарлса Дыкенса, Джордж Эліёт, Бальзака, Эміля Заля… Сучасныя «сур’ёзныя» пісьменьнікі лічаць устарэлым і нямодным апісваць нейкія вясковыя гасподы або стайні недабітых арыстакратаў, а вось ўвесь гэты нібыта неістотны жыцьцёвы фон можна знайсьці ў тоўстых дэтэктывах. І можна гэта чытаць. А паспрабуйце сёньня прачытаць, напрыклад, 800 старонак «Будэнброкаў» Томаса Мана або больш-менш столькі ж старонак «Абрыву» Івана Ганчарова… А ну іх! — ні забойстваў, ні сэксу, ні іншага вычварэнства… А крутыя дэтэктывы людзі прачытаюць. І трэба толькі радавацца, што іхныя аўтары пераймаюць апавядальніцкі досьвед пісьменьнікаў ХІХ стагодзьдзя, хоць, можа, і не зусім творча. Але — лепш прачытаць адзін дэтэктыў Ю Нэсбё, чым не прачытаць нічога ні з Заля, ні з Бальзака.

 

Ну, а з гэтым сэксам… Ён, чамусьці, абавязковы ў дэтэктывах. У рэальным жыцьці, дарэчы, яго таксама наогул не пазьбегчы. Як і рахункаў за электрычнасьць ці газ. Вось і цьвярозая ды заземленая Пія Кірхгаф ў рамане Нэле Нойгаўс таксама не забываецца ім пазаймацца. У перапынках паміж лаўленьнем злачынцаў:

 

«— Табе трэба ісьці?


— Так, на жаль. У калегаў у Нідэргохштаце аб’явіўся хлопец, які ўчора вечарам бачыў на вакзале, як нейкі мужчына скінуў тую жанчыну зь пешаходнай кладкі на вуліцу.


Крыстаф схапіў яе за плячо і пацягнуў на сябе. Пія выдала глыбокі стогн. Спачатку ён пацалаваў яе ў шчаку, потым у вусны. Ці той хлопец ня мог пачакаць са сваёй патрэбай выказацца да надвячорка? Пія цяпер ня мела ніякай ахвоты працаваць. Насамрэч у гэтыя выходныя паводле чаргі меў дзяжурыць Бэнке. Але ён захварэў. І Гасэ таксама захварэў. Да д’ябла з гэтымі губашлёпамі! Пія апусьцілася на разагрэтае ад сну цела Крыстафа. Ягоныя рукі сьлізганулі пад ручнік, якім яна захінулася пасьля душу, пачалі гладзіць яе жывот.


— Цяпер не дуры сабе галавы гэтай пісулькай, — шапнуў ён і зноў яе пацалаваў. 



 
Знойдзем нейкае вырашэньне. Так хутка найму нам не скасуюць.


— Увесь час толькі адны праблемы, — мармытнула Пія і вырашыла, што хлопец у пастарунку ў Нідэргохштаце можа пачакаць яшчэ з гадзіну».


Зразумела, што нейкія такія вырашэньні прымалі і гераіні раманаў ХІХ стагодзьдзя. Адно што пра такія вырашэньні тагачасныя пісьменьнікі ня згадвалі. І яны наогул ня ставілі сваіх гераіняў у сытуацыі, калі ім трэба было выдаваць зьвярыныя стогны над разагрэтымі целамі сваіх мужчынаў. У гэтым сэнсе сучасныя дэтэктывы значна здрабнелі, паглыбляючыся ў празьмернае апісальніцтва і анатамічныя дэталі. Так мала сёньня пакідаецца ўяўленьню чытача. Але ці гэта насамрэч загана ў літаратуры?

 

Упершыню апублікавана на сайце Радыё Свабода ў жніўні 2012.

Літаратура.org — https://litaratura.org/chytalnya?artid=136 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Ян Максімюк пра пяць крутых дэтэктываў

Ян Максімюк

Для друку   /   Чытальня