Літаратура.org » Чытальня » Фрыдрых Ніцшэ, Так сказаў Заратустра

Так сказаў Заратустра

Фрыдрых Ніцшэ — Нямецкая — Васіль Сёмуха

ПЕРШАЯ ЧАСТКА

 

ЗАРАТУСТРАВА ПРАДМОВА

 

1

 

Калі Заратустру споўнілася трыццаць гадоў, пакінуў ён радзіму і роднае возера і падаўся ў горы. Там ён шчасціўся з духу свайго і адлюдненасці і не стамляўся ад гэтага цэлых дзесяць гадоў. Але нарэшце перамянілася ягонае сэрца, — і аднаго разу раніцай, прачнуўшыся на золку, ён устаў перад сонцам і так сказаў да яго:

“О вялікае свяціла! У чым было б тваё шчасце, калі б не было ў цябе тых, каму ты свеціш?

Дзесяць гадоў ты ўзыходзіла над маёй пячорай: ты стамілася б ад свайго святла і руху, каб не я, каб не мой арол і не мая змяя.

Але кожнае раніцы мы чакалі цябе, прымалі шчодрасць тваю і мілаславілі цябе за гэта.

Глянь! Я ўжо стомлены сваёю мудрасцю, як пчала занадта вялікім узяткам; і вось — мне патрэбныя рукі, каб разамкнуліся да мяне.

Я хачу дарыць і надзяляць, пакуль сама разумныя людзі зноў не нацешацца са сваёй дурасці, а бедныя — з багацця.

Каб так сталася, я мушу сысці ўніз, як ты, калі кожнага вечара апускаешся ў бездань марскую, несучы сваё святло свету ніжняму, ты, сама-cама багатае свяціла!

Як ты, павінен і я зайсці — так гэта называюць людзі, да якіх я хачу спусціцца.

Дык жа ўмілаславі мяне, о спакойнае вока, якое непажадліва ўмее глядзець на сама-сама вялікае шчасце!

Умілаславі келіх, які хоча праліцца, каб каштоўная вільгаць струменілася з яго, разносячы паўсюль водбліск тваёй асалоды!

Глянь! Гэты келіх хоча зноў апаражніцца, а Заратустра хоча зноў учалавечыцца”.

 

Так пачаўся Заратустраў захад.

 

2

 

Заратустра спусціўся з гары, не сустрэўшы нікога на дарозе. А калі ён заглыбіўся ў лес, перад ім нечакана паўстаў старац, які пакінуў свяшчэнны будан, каб пашукаць у лесе карэння. І сказаў старац да Заратустры такія словы:

“Не чужы мне гэты вандроўнік: некалькі гадоў таму назад ён праходзіў тут. Яго імя — Заратустра; але ён перамяніўся.

Тады ты нёс свой попел у горы: няўжо сёння ты хочаш несці агонь у даліны? Няўжо не баішся кары, якая бывае падпальшчыку?

Так, Заратустра, я пазнаю. Чыстыя вочы ў яго, і на вуснах ніякай агіды. Ці не таму ён ідзе, як танцуе?

Заратустра перамяніўся, Заратустра здзяцінеў, Заратустра — той, хто прачнуўся: чаго ж ты хочаш ад тых, якія спяць?

Як у моры, жыў ты ў самотнасці, і мора насіла цябе. Шкада! Табе зноў хочацца выйсці на бераг? Шкада, табе хочацца зноў самому цягаць сваё цела?”

Адказаў Заратустра: “Я люблю людзей”.

“А чаму, — сказаў святы, — пайшоў я ў лес і ў пустэльню? Ці не таму, што занадта любіў людзей?

Цяпер я люблю Бога: людзей я не люблю. Чалавек, я лічу, дужа недасканалая штука. Любоў да людзей забіла б мяне”.

Заратустра адказаў: “Што я казаў пра любоў! Я нясу людзям дарунак!”

“Не давай ім нічога, — сказаў святы, — лепей вазьмі ў іх частку і нясі разам з імі — гэтым найлепш ім спасобіш, калі толькі дагодзіш сабе!

І калі хочаш даць ім, дай хіба што міласціну, ды яшчэ зрабі так, каб папрасілі яе!”

“Не, — адказаў Заратустра, — я не падаю. Не такі я бедны, каб даваць”.

Святы пасмяяўся з Заратустры і сказаў: “Дык парупся, каб яны прынялі твае скарбы! Не давяраюць яны адлюднікам і не вераць, што мы прыходзім да іх дарыць.

Нашыя крокі гучаць ім на вуліцах надта самотна. І калі ўначы, лежачы ў ложках, задоўга да золку пачуюць яны, што ідзе чалавек, дык, мусіць, пытаюцца самыя ў сябе: “Куды гэтаму злодзею закарцела?”

Дык не ідзі да людзей, заставайся ў лесе! Лепш ідзі да звяроў! Чаму ты, як я, не хочаш быць мядзведзем сярод мядзведзяў, птушкай сярод птушак?”

“А што рабіць святому ў лесе?” — спытаўся Заратустра.

Святы адказаў: “Я складаю песні і спяваю іх; калі складаю — смяюся, плачу і спяваю: так я слаўлю Бога.

Спевамі, плачам і смехам я слаўлю Бога, майго Бога. А які ты нясеш дарунак?”

Пачуўшы гэтыя словы, Заратустра пакланіўся святому і сказаў: “Што я мог бы вам даць! Лепей дазвольце мне хутчэй сысці адгэтуль, каб я нічога не ўзяў у вас!” І так яны развіталіся, старац і мужчына, уподсмех, як дзеці малыя.

А калі Заратустра застаўся адзін, ён сказаў свайму сэрцу: “Ці магчыма такое? Гэты святы старац у лесе яшчэ не чуў, што Бог памёр!”

 

3

 

Калі Заратустра прыйшоў у бліжэйшы горад за лесам, ён убачыў натоўп, людовішча на рыначным пляцы, бо было абяцана — пабачыце танцора на вяроўцы. І Заратустра сказаў люду такія словы:

Я дам вам навуку пра Звышчалавека. Чалавек — гэта нешта, што трэба адолець. Што зрабілі вы, каб адолець яго?

Да сённяга ўсе істоты стваралі нешта вышэйшае за саміх сябе; а вы хочаце зрабіцца адлівам гэтай вялікай хвалі і лепш вярнуцца да звяроў, чым адолець чалавека?

Што такое ў чалавеку малпа? Пасмешышча альбо пакутлівы сорам. І тое самае павінен быць чалавек у Звышчалавеку — пасмешышча альбо пакутлівы сорам.

Вы прайшлі шлях ад чарвяка да чалавека, але шмат чаго ў вас яшчэ — ад чарвяка. Калісьці вы былі малпы, і нават цяпер у чалавеку больш малпы, больш чым нават у каторай малпы.

Нават сама мудры спаміж вас — гэта нейкая двухсэнсіца і двухполасць, нешта паміж раслінаю і прывідам. Але ж хіба я загадваю вам зрабіцца прывідам альбо раслінаю?

Бачыце, я вучу вас пра Звышчалавека!

Звышчалавек — гэта сэнс зямлі. Няхай жа і воля вашая скажа: хай Звышчалавек будзе сэнсам зямлі!

Заклінаю вас, братове мае, заставайцеся верныя зямлі і не верце таму, хто скажа вам пра надзямныя надзеі! Яны — атрутнікі; няважна, ці ведаюць яны самі пра гэта.

Яны пагарджаюць жыццём; гэта тыя, што мруць і трацяць самыя сябе, ад якіх стамілася зямля: хай на іх пропадзь!

Раней сама вялікае блюзнерства было — зневажанне Бога, але Бог памёр, і блюзнерствы памерлі з ім разам. А сёння сама жудаснае злачынства — зневажаць зямлю і ўшаноўваць неспасцігальнае вышэй за сэнс зямлі!

Калісьці душа з пагардай глядзела на цела; і тады чымсьці найвышэйшым лічылася гэтая пагарда. Душа прагнула бачыць зблажэлае цела, агіднае і галоднае, — так спадзявалася яна выбавіцца ад яго і ад зямлі.

О, тая душа сама была худая, агідная і галодная: жорсткасць была ў сама высокай асалодзе гэтай душы.

Але скажыце мне, братове мае, што кажа ваша цела пра вашу душу? Ці не ёсць душа ваша ўбоства, і бруд, і жалю вартая задаволенасць?

Сапраўды, чалавек — гэта брудны паток. Трэба быць морам, каб увабраць брудны паток у сябе і не занячысціцца.

Бачыце — я вучу вас пра Звышчалавека: ён — гэта мора, дзе можа захлынуцца ўся ваша вялікая погардзь.

Што ёсць сама высокае, якое вы можаце перажыць? Гэта — часіна вялікай пагарды: часіна, калі вашае шчасце робіцца вам такой самай гідотай, як ваш розум і цнота.

Часіна, калі вы кажаце: “Што ёсць маё шчасце? Яно — убоства, і бруд, і жалю вартая самазадаволенасць. А маё шчасце павінна быць такое, каб апраўдвала і самое жыццё!”

Часіна, калі вы кажаце: “Што ёсць мой розум? Ці дамагаецца ён ведаў, як леў сваёй ежы? Мой розум — убоства, і бруд, і жалю вартая самазадаволенасць!

Часіна, калі вы кажаце: “Што ёсць мая цнота? Яна яшчэ не змусіла мяне шалець. Як я стаміўся ад свайго зла і дабра! Усё гэта — убоства, і бруд, і жалю вартая самазадаволенасць!”

Часіна, калі вы кажаце: “Што ёсць справядлівасць мая? Не бачу, каб быў я жар і вуголле. А справядлівы — жар і вуголле!”

Часіна, калі вы кажаце: “Што ёсць мілажальнасць мая? Хіба мілажальнасць не крыж, да якога прыбіваюць таго, хто любіць людзей? Але мая мілажальнасць — не ва ўкрыжаванні!”

Ці ж не вы казалі так? Ці ж не вы крычалі так? О, калі б я чуў, як крычалі вы так!

Не вашы грахі — ваша задаволенасць енчыць да неба, ваша скнарнасць у грэху вашым енчыць да неба!

Дзе ж тая маланка, каб лізнула вас сваімі языком? Дзе той шал, якім вы прышчэплены мусіце быць?

Бачыце, я вучу вас пра Звышчалавека: ён — тая маланка, ён — гэты шал!”

Калі Заратустра сказаў сваю казань, нехта крыкнуў з натоўпу: “Досыць мы ўжо наслухаліся пра танцора на вяроўцы; дай нам пабачыць яго!” І вось людства смяялася з Заратустры. А скакун на вяроўцы, думаючы, што запрашаюць яго, пачаў свае кунштукі.

 

4

 

Заратустра глядзеў на людзей і дзіву даваўся. Пасля ён сказаў так:

“Чалавек — гэта вяроўка, напятая паміж жывёламі і Звышчалавекам, вяроўка над прорваю.

Небяспечна ісці, небяспечна станавіцца на пераходзе, небяспечна азірацца, небяспечна баяцца і спыняцца.

Велічнае ў чалавеку тое, што ён мост, а не мэта: што вартае ў чалавеку любові, дык гэта тое, што ён — пераход і захад.

Я люблю таго, хто не ўмее жыць інакш, як у імя свайго захаду, бо ён на пераходзе.

Я люблю таго, хто мае ў сабе вялікую пагарду, бо ён — вялікі шанавальнік і страла палымянасці, што тужыць па тым беразе.

Я люблю не таго, хто шукае за зоркамі прычыны загінуць і стаць ахвярай, а таго, хто ахвяруе сабою зямлі, каб калі-небудзь яна зноў зрабілася зямлёй Звышчалавека.

Я люблю таго, хто спазнае і спазнаваць хоча, каб калі-небудзь жыў Звышчалавек. Бо такога ён хоча захаду сабе.

Я люблю таго, хто працуе і вынаходзіць, каб пабудаваць жытло Звышчалавеку і падрыхтаваць яму зямлю, жывёл і расліны: бо такога ён хоча захаду сабе.

Я люблю таго, хто любіць цноту сваю: бо цнота — гэта воля да захаду і страла палымянасці.

Я люблю таго, хто не пакідае сабе аніводнай кроплі духу, а прагне быць цалкам духам сваёй цноты: так, нібы дух, праходзіць ён па мосце.

Я люблю таго, хто з цноты сваёй робіць вабу і лёс: толькі дзеля сваёй цноты ён яшчэ хоча жыць і болей не жыць.

Я люблю таго, хто не хоча мець лішне шмат цнотаў. Адна цнота — больш за дзве, бо яна той вузел, на якім трымаецца лёс.

Я люблю таго, чыя душа раскідае сябе, хто не хоча падзякі і сам не дзякуе: бо ён заўсёды дорыць і не хоча ацаліць сябе.

Я люблю таго, хто саромеецца, калі шчасціць яму ў гульні, і хто пытаецца ў сябе: няўжо я няшчасны гулец? — бо ён прагне страціць усё.

Я люблю таго, хто кідае залатыя словы наперадзе ўчынкаў сваіх і заўсёды робіць больш, чым абяцае: бо ён хоча захаду сабе.

Я люблю таго, хто апраўдвае будучыя пакаленні, а мінулым дае збавенне, бо ён хоча пагібелі ад сённяшніх.

Я люблю таго, хто карае Бога свайго, бо ён свайго Бога любіць: бо ён мае загінуць ад гневу Бога свайго.

Я люблю таго, чыя душа глыбокая нават у сваіх пошасцях; хто можа загінуць ад малога выпрабавання: самохаць ідзе ён па мосце.

Я люблю таго, чыя душа перапоўнена так, што ён забывае сябе і ўбірае ў сябе ўсе рэчы: так усе рэчы нясуць яму захад.

Я люблю таго, хто свабодны духам і свабодны сэрцам; таго, чыя галава — толькі часцінка ягонага сэрца, — а сэрца вядзе яго да захаду.

Я люблю ўсіх, падобных да цяжкіх кропляў, што падаюць адна за адной з чорнай хмары, якая навісла над чалавецтвам: яны запабягаюць блізкасць бліску маланкі і гінуць, як вешчуны.

Бачыце, я — вяшчун маланкі, я — цяжкая кропля з хмары; а завуць тую маланку — Звышчалавек...”

 

5

 

Сказаўшы гэтыя словы, Заратустра зноў паглядзеў на натоўп і змоўк. “Вось стаяць яны і смяюцца, — казаў ён свайму сэрцу, — не разумеюць мяне: не на іхнія вушы казань мая.

Няўжо спачатку трэба ім аглушыць вушы, каб яны навучыліся слухаць вачыма? Няўжо трэба грымець, як літаўры, і трашчаць, як прапаведнікі каяння? Ці, можа, яны вераць толькі заікам?

У іх ёсць нешта, чым яны ганарацца. Як жа яны называюць тое, чым ганарацца? Называюць “адукацыяй”, яна нібыта адрознівае іх ад пастухоў.

Таму яны і не любяць прымаць на сябе слова “пагарда”. Што ж, я звярнуся да іх гонару.

Я хачу сказаць ім пра сама пагарднае, а яно — гэта апошні чалавек”.

І гаварыў Заратустра да людзей такімі словамі:

“Наспела чалавеку паставіць перад сабою мэту. Трэба пасадзіць расадзіну сваёй найвышэйшай надзеі.

Пакуль яшчэ шчодра родзіць ягоная глеба. Але прыйдзе час, і зубожыцца яна і знясіліцца, і выноснае дрэва больш не вырасце на ёй.

Гора! Блізіцца час, калі чалавек ужо не пусціць над людзьмі стралы сваёй палкасці, і цеціва ягонага лука адвыкне трымцець!

Я кажу вам: трэба мець у сабе хаос, каб змагчы нарадзіць зорку, якая б танцавала. Я кажу вам: у вас пакуль што ёсць хаос.

Гора! Блізіцца час, калі чалавек не здолее больш нарадзіць ніводнае зоркі. Гора! Блізіцца час сама пагарджанага чалавека, які не здолее пагарджаць самім сабою.

Дзівіцеся! Я пакажу вам апошняга чалавека.

“Што такое любоў? Што такое стваранне? Што такое палкасць? Што такое зорка?” — так пытаецца апошні чалавек, маргаючы.

Зямля змалела, і на ёй корпаецца апошні чалавек, які нікчэмніць усё на сваё падабенства. Ягоны род нязводны, як земляныя блохі: апошні чалавек жыве даўжэй за ўсіх.

“Мы прыдумалі шчасце”, — кажуць апошнія людзі, маргаючы.

Яны пакінулі мясціны, дзе было сцюдзёна, бо ім патрэбна цяпло. Яны яшчэ любяць блізкага і горнуцца да яго; бо ім патрэбна цяпло.

Хваробы і недавярства лічацца ў іх за грэх, бо яны ходзяць абачліва. Толькі дурань можа спатыкацца аб камяні і людзей!

Час ад часу — крыху яду: ён накалыхвае прыемныя сны. І паболей яду напаследак, каб прыемней было сканаць.

Яны яшчэ працуюць, бо праца ў іх — забава. Але клапоцяцца, каб тая забава не лішне стамляла.

Не будзе ўжо ні бедных, ні багатых: і тое, і другое надта дакучае. І хто захоча загадваць? Хто — упакорвацца? І тое, і другое надта дакучае.

Няма пастуха, ёсць толькі статак! Ва ўсіх аднолькавыя жаданні, усе роўныя; той, хто думае інакш, самохаць ідзе ў дом вар'ятаў.

“Раней увесь свет быў вар'яцкі, — кажуць сама празорлівыя, маргаючы.

Усе яны разумныя, усе яны ведаюць, што было: так што іх кпінам супыну няма. Яны яшчэ сварацца, але хутка заміраюцца — каб не навярэдзіць жывата.

Ёсць у іх і свае маленькія радасці на кожны дзень і маленькая радасць на кожную ноч; але найбольшы клопат — здароўе.

“Мы прыдумалі шчасце”, — кажуць апошнія людзі, маргаючы...

Тут скончылася першая Заратустрава казань, якую называюць таксама “Прадмоваю”, бо на гэтым месцы яго перапынілі радасныя крыкі людскога збою: “Дай нам гэтага апошняга чалавека, о Заратустра, — крычаў люд, — зрабі нас апошнімі людзьмі! Наліха нам твой Звышчалавек!” І ўсе радаваліся, цмокалі языкамі. Але засмуціўся Заратустра і сказаў свайму сэрцу:

“Не разумеюць мяне: не на іхнія вушы казань мая.

Задоўжыўся жыць я ў гарах, зачаста ўслухоўваўся ў шум ручаёў і дрэў: і вось прамаўляю да іх, быццам да пастухоў.

Як раніцай горы, няўзрушная і светлая душа мая. А яны думаюць, што я халодны пакепнік і цешуся злоснымі жартамі.

І вось яны дзівяцца на мяне і смяюцца, а смеючыся, яшчэ і ненавідзяць мяне. Лёд у іх смеху”.

 

6

 

Але тут сталася нешта такое, што знямовіла ўсе вусны і знерухоміла вочы, бо якраз гэтым часам узяўся за кунштукі скакун на вяроўцы; ён з'явіўся з-за маленькіх дзвярэй і пайшоў па вяроўцы, нацягненай паміж дзвюма вежамі над рыначным пляцам, поўным людзей. Ужо ён адолеў свае паўдарогі, калі маленькія дзверы адчыніліся зноў і нейкі стракаты малец, убраны за блазна, выхапіўся з іх і борздзенька пашыбаваў па вяроўцы следам. “Наперад, кульгач, — закрычаў ён страшным голасам, — наперад, гультаёвіны кавалак, махляр, храпа намазаная! А то каб не паказытаў я табе пяты! Што ты тут робіш паміж вежамі? Тваё месца ў вежы, туды цябе трэба запраторыць, каб не заступаў дарогі лепшаму за цябе!” — і штослова набліжаўся да танцора, а як падышоў за крок, сталася нешта жудаснае, што сцяло ўсім вусны і завалакло ўсім вочы: ён крыкнуў, як чорт, і пераскочыў цераз таго, які стаяў у яго на дарозе. А танцор, убачыўшы, што супернік перамагае, страціў раўнавагу, кінуў сваю жардзіну і паляцеў у бездань — віхура мігатлівых рук і ног. Натоўп на пляцы хваляваўся, як мора, калі налятае бура: усіх размяло каго куды; але найбольш аказалася там, куды падала цела.

А Заратустра застаўся, і скакун упаў проста перад ім, увесь знявечаны і разбіты, але яшчэ жывы. Праз нейкі час памяць вярнулася да яго, і ён убачыў Заратустру, які кленчыў побач. “Што ты тут робіш? — спытаўся няшчасны. — Я даўно ведаў, што мне сам чорт падставіць нагу. Цяпер ён пацягне мяне ў пекла: няўжо ты хочаш не даць яму?”

“Прысягаю гонарам, дружа, — адказаў Заратустра, — няма нічога такога, пра што ты кажаш: ні чорта няма, ні пекла. Твая душа памрэ раней за цела: не бойся нічога!”

Разбіты паглядзеў на яго з недаверам. “Калі ты кажаш праўду, дык, пакідаючы жыццё, я нічога не трачу. Я не больш, чым жывёла, якую пугай і голадам навучылі скакаць”.

“О, не — сказаў Заратустра, — з небяспекі ты зрабіў сабе рамяство, а за гэта нельга пагарджаць табою. І вось рамяство тваё навяло цябе на пагібель. За гэта я сам пахаваю цябе”.

На гэтыя словы скакун ужо не сказаў нічога; ён толькі варухнуў рукою, як бы шукаючы рукі Заратустры, каб падзякаваць яму.

 

7

 

Тым часам звечарэла, і рыначны пляц агарнула цемра; ужо разышоўся натоўп, бо нават цікаўнасць і страх стамляюцца. А Заратустра ўсё сядзеў на зямлі каля мёртвага, занураны ў свае думкі, так што забыўся нават пра час. Нарэшце набегла ноч, і халодны вецер пачаў даймаць самотніка. Тады Заратустра ўстаў і сказаў свайму сэрцу:

“Праўда, добрыя ловы былі ў Заратустры сёння! Ніводнага чалавека не ўлавіў ён, вось толькі мёртвага.

Жудаснае жыццё ў чалавека, і, як заўсёды, — без сэнсу: на долю яму выпадае блазенства.

Я хачу вучыць людзей сэнсу жыцця: сэнс ёсць Звышчалавек, маланка з чорнай хмары-чалавека.

Але яшчэ я далёкі ад іх, і думка мая іхняга глузду не дастае. У людзей я яшчэ нешта сярэдняе паміж дурнем і трупам.

Цёмная ноч, цёмныя дарогі ў Заратустры. Хадзем, астылы і нерухомы таварышу мой! Я занясу цябе туды, дзе сам і пахаваю”.

 

8

 

Сказаўшы гэта сэрцу свайму, Заратустра ўзвалок труп на плечы і выправіўся ў дарогу. Але не паспеў ён прайсці і сотні крокаў, як да яго нехта падкраўся і зашаптаў на вуха — вай, гэта быў блазен з вежы. “Ідзі з гэтага горада, о Заратустра, — казаў ён, — надта многія тут зненавідзелі цябе. Ненавідзяць і добрыя, і праведныя ды называюць цябе сваім ворагам і ненавіснікам; ненавідзяць вернікі, кажучы, што небяспечны ты людству. Шчасце тваё, што з цябе пасмяяліся: і сапраўды, гаварыў ты, як блазен. Шчасце тваё, што звязаўся ты з гэтым падлам: прынізіўшыся так, ты ўратаваў сягоння сябе. Але ідзі ўпрочкі з гэтага горада, а то заўтра я пераскочу цераз цябе — жывы цераз мёртвага”. І, сказаўшы гэта, знік блазен, а Заратустра пайшоў далей па цёмных вуліцах.

Каля гарадское брамы сустрэліся яму далакопы; яны асвятлілі яму паходняю твар і, пазнаўшы Заратустру, доўга збыткавалі з яго: “Заратустра нясе мёртвага сабаку; брава, ён цяпер далакоп! Бо нашыя рукі занадта чыстыя на такое мяса. Ужо ці не мерыцца Заратустра адабраць кавалак у самога чорта? Ану ж бо! Смачнога абеду! Калі толькі чорт не лепшы злодзей, чым Заратустра, — ён украдзе абодвух і зжарэ!” — І далакопы шапталіся між сабою і рагаталі.

Заратустра адказваў на гэта маўчаннем, ідучы далей. Дзве гадзіны ішоў ён лясамі і балотамі і дзве гадзіны чуў, як вылі галодныя ваўкі; нарэшце голадам змогся і ён. Ён спыніўся каля нейкай адзінокай хаціны, у акне якое гарэла святло.

“Голад спрамог мяне, як разбойнік, — сказаў сам сабе Заратустра. — У лясах і на балотах нападае на мяне мой голад, сярод цёмнае ночы.

Дзіўны ў голаду нораў. Часта ён прыходзіць да мяне па абедзе, а сёння я цэлы дзень не ведаў яго: дзе ж ён забавіўся гэтак?”

Кажучы так, Заратустра пастукаўся ў дзверы. Адчыніў стары з ліхтаром і спытаўся: “Хто завітаў да мяне і парушыў мой кепскі сон?”

“Жывы і мёртвы, — сказаў Заратустра. — Дай мне паесці і напіцца; я ўдзень забыўся пра гэта. Той, хто корміць галоднага, спатольвае сваю душу: так кажа мудрасць”.

Стары пайшоў, але адразу вярнуўся, несучы Заратустру хлеб і віно. “Благія тутэйшыя мясціны галодным, — сказаў ён, — таму і жыву тут. Чалавек і звер ідуць да мяне, да пустэльніка. Але ж гукні і спадарожніка свайго, ён згаладаўся не менш за цябе”.

Заратустра сказаў: “Было б цяжка яго ўгаварыць падзяліць са мной ежу, бо мёртвы мой спадарожнік”.

“Што мне да таго, — буркнуў стары, — хто стукаецца да мяне ў дом, хай бярэ, што яму падаюць. Ежце і бывайце”.

Пасля Заратустра ішоў яшчэ дзве гадзіны, даверыўшыся дарозе і зорнаму небу, бо прывык ён хадзіць поначы і любіў глядзець у твар усім, хто спіць. Але як пайшло на заранак, Заратустра апынуўся ў цёмнай нетры, і не было відаць ніякай дарогі. Тады паклаў ён мёртвага ў дупло дрэва, — каб убараніць яго ад ваўкоў, — а сам лёг на мох пад дрэвам. І адразу заснуў, стомлены целам, але непахісны душою.

 

9

 

Доўга спаў Заратустра, і не толькі зара, але і полудзень прайшліся па твары ягоным. Але нарэшце расплюшчыліся яго вочы: з подзівам глянуў Заратустра на лес, ахінуты глыбокаю цішынёю, са здзіўленнем зірнуў усярэдзіну сабе самому. Потым хуценька ўстаў, як марак, калі раптам убачыць зямлю, і ўзрадаваўся; бо адкрыў ён новую ісціну. І так сказаў свайму сэрцу:

“Святло сышло на мяне: мне патрэбны паслядоўцы, і жывыя, не мёртвыя паслядоўцы, не трупы, якіх я нясу, куды захачу.

Паслядоўцы жывыя патрэбныя мне; таму і пойдуць яны за мною туды, куды я захачу.

Святло сышло на мяне: не да народу прамаўляе Заратустра, а да паслядоўцаў! Не павінен Заратустра быць пастухом і сабакам статку!

Звесці многіх са статка — вось дзеля чаго я прыйшоў. Гневацца будуць на мяне народ і статак: разбойнікам назавуць пастухі Заратустру.

Я сказаў “пастухі”, яны ж завуць сябе добрымі і справядлівымі. Пастухамі назваў іх я, а яны завуць сябе вернікамі правільнай веры.

Зірніце на гэтых добрых і справядлівых! Каго яны болей за ўсё ненавідзяць? Таго, хто разбівае скрыжалі іх каштоўнасцяў, хто разбурае і пераступае, — але ж ён і ёсць стваральнік.

Зірніце на вернікаў! Каго яны болей за ўсё ненавідзяць? Таго, хто разбівае скрыжалі іх каштоўнасцяў, хто разбурае і пераступае, — але ж ён і ёсць стваральнік.

Паслядоўцаў шукае стваральнік, а не трупы, не статкі, не вернікаў. Тых, што будуць ствараць разам з ім, шукае стваральнік: тых, што напішуць новыя каштоўнасці на новых скрыжалях.

Паслядоўцаў шукае стваральнік і тых, што сажнуць жніва разам з ім, бо ўсё ў іх паспела да жніва. Не хапае толькі сотні сярпоў; таму зрывае ён каласы і прыкра яму.

Паслядоўцаў шукае стваральнік такіх, што ўмеюць вастрыць сярпы. Іх назавуць разбуральнікамі і пагарднікамі дабра і зла. Але яны — жняцы і бяседнікі за святочным сталом.

Тых, хто будзе ствараць разам з ім, хто будзе жаць разам з ім, субяседнікаў шукае Заратустра: што яму трупы і пастухі з іхнім быдлам!

А ты, першы мой паслядоўца, бывай! Добра схаваў я цябе ў дупле, надзейна схаваў ад ваўкоў.

Але расстаюся з табою, бо мой скончыўся час. Паміж дзвюма зорамі адкрылася мне новая ісціна.

Не буду я ні пастухом, ні далакопам. І з народам ужо не гаварыцьму ніколі: апошні раз гаварыў я да мёртвага.

Са стваральнікамі, са жняцамі, з субяседнікамі хачу я з'яднацца: я пакажу ім вясёлку і ўсе ступені Звышчалавека.

Усім самотным сваю песню я буду спяваць: і тым, што самотныя ўдвух; і тым, што яшчэ маюць вушы, каб чуць нечуванае, — ім укладу я ў сэрца цяжар шчасця майго.

Я іду да сваёй мэты, я іду сваёю дарогаю; я пераскочу цераз марудлівых і нядбайных. Хай будзе мой шлях іхнім захадам!”

 

10

 

Так сказаў Заратустра свайму сэрцу, а сонца стаяла ў зеніце; і тут паглядзеў ён угору, бо пачуў над сабою пранозлівы птушыны крык. І што ж! Шырока кружляючы ў небе, лунаў арол і нёс змяю, але не так, як носяць здабычу: змяя абвівалася вакол яго шыі, нібы сяброўка.

“Гэта мае звяры! — сказаў Заратустра, рады ад шчырага сэрца. — Сама гордая жывёліна пад сонцам і сама мудрая жывёліна пад сонцам — выправіліся ў дарогу.

Яны хацелі даведацца, ці жывы яшчэ Заратустра. А праўда, ці жывы яшчэ я?

Мне небяспечней сярод людзей, чым сярод звяроў, небяспечнымі сцежкамі ходзіць Заратустра. Няхай жа вядуць мяне звяры мае!” Сказаўшы гэта, згадаў ён словы святога старца ў лесе, уздыхнуў і прамовіў сэрцу свайму:

“Я хацеў бы стаць разумнейшым! О, калі б я стаў такі ж мудры, як мая змяя!

Але я немагчымага прагну: прашу гордасць сваю, каб яна заўсёды ішла з маёй мудрасцю разам.

І калі мая мудрасць пакіне мяне — а яна так любіць мяне пакідаць, — хай тады ўжо і гордасць мая заадно з дурнотай адыдзе!”

Так пачаўся захад Заратустры.

Літаратура.org — https://litaratura.org/chytalnya?artid=133 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Так сказаў Заратустра

Фрыдрых Ніцшэ — Нямецкая — Васіль Сёмуха

Для друку   /   Чытальня

Фрыдрых Ніцшэ
Фрыдрых Ніцшэ