Літаратура.org » Александрыя » Сяргей Шупа, Мая Александрыя. 1

Мая Александрыя. 1

Сяргей Шупа

Η Πόλις

Είπες· «Θα πάγω σ' άλλη γή, θα πάγω σ' άλλη θάλασσα,

Μια πόλις άλλη θα βρεθεί καλλίτερη από αυτή.

Κάθε προσπάθεια μου μια καταδίκη είναι γραφτή·

κ' είν' η καρδιά μου -- σαν νεκρός -- θαμένη.

Ο νους μου ως πότε μες στον μαρασμό αυτόν θα μένει.

Οπου το μάτι μου γυρίσω, όπου κι αν δω

ερείπια μαύρα της ζωής μου βλέπω εδώ,

που τόσα χρόνια πέρασα και ρήμαξα και χάλασα».

 

Καινούριους τόπους δεν θα βρεις, δεν θάβρεις άλλες θάλασσες.

Η πόλις θα σε ακολουθεί. Στους δρόμους θα γυρνάς

τους ίδιους. Και στες γειτονιές τες ίδιες θα γερνάς·

και μες στα ίδια σπίτια αυτά θ' ασπρίζεις.

Πάντα στην πόλι αυτή θα φθάνεις. Για τα αλλού -- μη ελπίζεις --

δεν έχει πλοίο για σε, δεν έχει οδό.

Ετσι που τη ζωή σου ρήμαξες εδώ

στην κώχη τούτη την μικρή, σ' όλην την γή την χάλασες.

 

Гэты верш у мяне пакуль што ня мае перакладу. Два дзясяткі гадоў рэха гэтых радкоў адгукаецца ў маім сэрцы, яны грэюць мяне ў сьцюжу, суцяшаюць у роспачы, спараджаюць мроі пра таямнічы і прывабны Горад. Горад, які застанецца з табой, куды б ты ні памкнуўся, які не забудзеш, ад якога не ўцячэш, у якім пачатак і канец, каханьне і сьмерць, нябыт і вечнасьць.

Безнадзейна-золкай восеньню 91-га я спазнаў, бадай што, найбольшыя выпрабаваньні свайго жыцьця. Вырваўшы сябе з каранямі з устылай і безвыходнай роднай менскай глебы, я кінуўся з галавою ў вір віленскай беларускай рэканкісты. Пазьней выявілася, што тая гістарычная акцыя была ілюзіяй, міражом, авантурай, катастрофай, але тады, золкай восеньню 91-га, апынуўшыся ў нязвыклым асяродзьдзі – без пункту апоры, бяз працы, бяз грошай, у хаце-руіне без вады, газу, каналізацыі, без кантактаў і пэрспэктываў, са жменькай сяброў-аднадумцаў і наіўнай місіянэрскай надзеяй – адчайна змагаўся за існаваньне.

Аднойчы надыйшла хвіліна, калі я адчуў, што падыйшоў да нейкай апошняй рысы і што роспач і безнадзейнасьць зараз возьмуць сваё, што б гэта ні значыла. Я падыйшоў да кніжнай паліцы і паглядзеў на дарагія мне кніжкі, нібы шукаючы адказу, што рабіць… І адказам быў гэты верш. Яго дзіўная магія. Яго мэтафізычная тапаграфія. Зь яго пачыналася адна таямнічая кніжка, якую я купіў у адной дзіўнай букіністычнай кнігарні на ўскраіне Лёндану, калі аднойчы ўзьбіўся на выпадковыя грошы. Усяго я купіў там тры кнігі: сэрбскую біблію Караджычавага перакладу, палестынска-арамэйскую граматыку і вось гэтую – двухтомнік Кавафіса ў мяккай вокладцы, сьпярэшчаны нечыімі глёсамі і маргіналіямі. Пазьней я заўважыў, што ўсе тры кнігі мелі аднаго гаспадара – нейкага E.N.C. Sergeant'а. Thank you, Mr Sergeant.

Я вывучыў першы верш – хрэстаматыйны “Горад” – напамяць і цэлы дзень, што б ні рабіў, шаптаў яго сабе пад нос…

…οπου το μάτι μου γυρίσω, όπου κι αν δω

ερείπια μαύρα της ζωής μου βλέπω εδώ…

… паўтараў я як мантру, як айчанаш, як заклён ад вар'яцтва, і ведаў - гэта пісалася мне, пра мяне і для мяне...

…η πόλις θα σε ακολουθεί…

І стаўся цуд. Мой Горад даў мне сілы, цяпло і надзею. І Вільня сталася маёй.

Горад, пра які пісаў Кавафіс – Александрыя. І пра яе – гэтая мая кніга…

Літаратура.org — https://litaratura.org/aleksandryya?artid=46 — гэтым тэкстам можаце свабодна карыстацца ў некамэрцыйных мэтах, але дадавайце, калі ласка, спасылку на назву рэсурсу і яго адрас — [ раздрукаваць тэкст ]

Мая Александрыя. 1

Сяргей Шупа

Для друку   /   Александрыя

Горад
Горад